Воўчы блог заняў другое месца ў рэйтынгу сайтаў, якія робяць байнэт лепшым

У адкрытым галасаванні, якое праводзіў hoster.by на пляцоўцы “Дбай: інтэрнэт людзей”, сайт vouk.by набраў 432 галасы.

Арганізатары кажуць, такі рэйтынг на  падставе водгуку карыстальнікаў дазваляе зразумець, якіх рэсурсаў не хапае беларускаму інтэрнэту.

21 верасня ў Мінску ўрачыста абвясцілі вынікі рэйтынгу. Каардынатар прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы Віктар Фянчук і спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Мікалай Чэркас расказалі пра праект.

Воўчы блог – сайт, дзе можна сачыць за пяццю ваўкамі, пазначанымі GPS-ашыйнікамі ў Белавежскай пушчы.

Вучоныя адсочваюць ваўкоў па сігналах, ходзяць іх слядамі і фіксуюць іх месцы адпачынкі, вывучаюць іх меню. Гісторыі жыцця і падарожжаў ваўкоў апісваюцца ў блогу, а іх вандроўкі можна пабачыць на карце.

Тыя, хто сочыць за Воўчым блогам, ведаюць, хто з ваўкоў пакінуў межы Беларусі, хто жыве ў зграі, а хто бегае адзінцом.

На сайце ёсць і агульная інфармацыя пра ваўкоў, а таксама апісаныя цікавыя даследаванні і выпадкі з ваўкамі ў свеце.

Даследаванне ваўкоў праводзяць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Нацыянальны парк “Белавежская пушча” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

Мы радыя, што Воўчы блог выклікаў цікавасць. Цяпер мы працуем над паляпшэннем сайта з валанцёрамі ЕПАМ, працягваем дзяліцца важнымі і цікавымі гісторыямі з жыцця ваўкоў, а таксама рыхтуемся да новага сезону з новымі ваўкамі, за якімі будзем сачыць.

Дзякуй арганізатарам і ўсім, падтрымаў нас падчас галасавання!


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 02.10.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.