Фотапаляванне на птушак: Як лавіць добрыя кадры (+ прыгожыя фотаздымкі)

Каб зрабіць удалы кадр якой-небудзь птушкі, можна згубіць і дзень, і два. Часам добрая тэхніка, разлік, цярпенне, нават хуткая рэакцыя не даюць эфекту без пэўнага поспеху. Фатограф-аматар Сяргей Саковіч распавядае пра хітрыкі, як удаецца зрабіць прыгожы кадр.

Напрыканцы лютага стаяў аднойчы на аўтобусным прыпынку на ўскраіне Гродна. Нечакана над галавой праляцелі дзве птушкі і прыселі ля скрыні з пяском. Адразу пазнаў у іх жаўрукоў-смяцюхаў – невялікіх рудавата-шэрых птушак памерам крыху больш за дамавога вераб’я і з характэрным чубікам на галаве. Варта адзначыць, што ў Беларусі гэта чырвонакніжны від, які сёлета аб’яўлены грамадскай арганізацыяй «Ахова Птушак Бацькаўшчыны» птушкай года.

Ля скрыні жаўрукі затрымаліся ненадоўга. Зніклі таксама імгненна, як і з’явіліся. Пазней я бачыў гэтых птушак тут не раз. А ў галаве ўжо выспяваў план па іх фотаздымцы.

І вось на пачатку сакавіка выпала вольная хвілінка. Як на шчасце, дзень парадаваў цёплым надвор’ем і яркім сонцам. Грэх было ўпускаць момант. Хапаю фоцік і бягу на пошукі сваіх «мадэлек». Жаўрука заўважаю адразу. На ўскраіне поля недалёка ад таго самага аўтобуснага прыпынку. Птушка паводзіла сябе досыць смела. Падпускала да сябе блізка. Рыхтую фоцік, хуценька наводжу аб’ектыў, шчаўчок затвора і…. у кадры пустая зямля! Жаўрук пераляцеў далей і сеў на ўскрайку тратуара. Цяжка ўздыхаю… А хто сказаў што будзе лёгка?!

Фотаздымка дзікай прыроды даволі цікавы занятак для вольнага часу. Канешне, гэта патрабуе і пэўных выдаткаў. Лепш за ўсё, калі ў вас добрая фотатэхніка – пажадана фотаапарат-люстэркалка з адпаведным аб’ектывам. І найлепш, калі гэта доўгафокусны аб’ектыў – тэлевік для здымкі аддаленых аб’ектаў. Бо, напрыклад, птушкі не заўсёды любяць блізкую чалавечую ўвагу. Нічога не зробіш, у жыцці часта за якасць даводзіцца плаціць.

Буслы

Вясковая ластаўка

Птушаняты вясковай ластаўкі

Яшчэ адна перашкода, якую давядзецца пераадолець пачаткоўцам – навучыцца карыстацца фоцікам. І не толькі правільна, але і хутка. Часам на пабудову кампазіцыі, выбар ракурсу і адпаведнай настройкі ёсць толькі некалькі секунд. Інакш кадр будзе ўпушчаны назаўсёды. Але гэта ўсё напрацоўваецца пры пастаяннай практыцы. Галоўнае – цяга і жаданне!

Сінія сініцы

А тым часам я ізноў набліжаюся да майго жаўрука. На гэты раз мяняю тактыку. І дапамог мне ў гэтым, не паверыце, ліхтарны слуп! Менавіта за ім зараз знаходзіўся жаўрук. Я пачаў да яго набліжацца такім чынам, каб слуп знаходзіўся роўна паміж мной і птушкай. Так я не трапляў у поле яго зроку. Наблізіўшыся на дастатковую адлегласць, у мяне былі толькі долі секунды, каб выдаць сябе і зрабіць доўгачаканы кадр. І вось я ўжо гатовы здзейсніць апошні крок, як раптам у гэты момант да прыпынку падбегла жанчына з дзіцём і акурат недалёка ад таго самага слупа. Птушка зноў спалохана зляцела. Ну а мне на памяць застаўся толькі шэры размыты сілуэт у кадры. Не шанцавала жорстка! Цікава, што думалі пра ўсё гэта людзі на прыпынку…

Дарэчы, пра хітрыкі здымкі. Сапраўды не кожная птушка падпускае да сябе блізка. Ды і добры аб’ектыў часам няма магчымасці набыць. Але гэтыя недахопы можа кампенсаваць хітрым падыходам. Лепшы варыянт у гэтым выпадку – здымка з засады. Яна таксама бывае розная ў залежнасці ад пастаўленых мэтаў. Самы, бадай, даступны варыянт – здымка птушак ля кармушкі, што вельмі актуальна ўзімку, або ў месцы іх перыядычнага з’яўлення. Тут бывае дастаткова прытаіцца на некаторы час, а часам і прымаскіравацца. Колькі прыйдзецца чакаць? Залежыць ад сітуацыі і саміх птушак. Але цярпенне і настойлівасць заўсёды ўзнагароджваюцца добрымі кадрамі! Некаторыя з іх прапаную вашай увазе…

Бурагаловая сініца

Амялушка

Вялікая сініца

Адляцеўшы ад ліхтарнага слупа, жаўрук прысеў ля невялікай калюжыны з вадой і пачаў дзелавіта хадзіць ля яе ўскраіны. Не губляючы часу, раблю некалькі здымкаў. «Нарэшце!» – думаў пра сябе я. На гэты раз пашанцавала. Праз некалькі хвілін птушка зноў узнялася і паляцела ў бок адкрытага поля.

Вось што значыць апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Бывае і цэлы дзень можна згубіць і нічога ў кадр не трапіць, а часам усё атрымліваецца вельмі нечакана. І такія здымкі цэніш больш за ўсё. Шмат што вырашае правільны разлік і самая звычайная ўдача. Чаго і вам жадаю!

Грак

На загалоўным здымку - кавалік.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 13.03.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.