Беларускія мастакі створаць арт-аб'екты з будматэрыялаў

Сёлета адбудзецца другі мастацкі пленэр «Арт-салат-2016», падчас якога ў вёсцы Салацце мастакі і дызайнеры цягам тыдня будуць ствараць дызайнерскія кампазіцыі з драўляных катушак і будаўнічых палетаў. Арт-пленэр будзе ладзіцца з 1 па 9 ліпеня.

- На пленэр мы запрасілі 15 мастакоў і дызайнераў з Салацця, Гродна, Мінска, Мядзеля, - распавядае арганізатар пленэру, гарадзенскі каваль Юрась Мацко. - Калі ў тым годзе драўляныя катушкі збольшага распісваліся фарбамі, то сёлета мы прапануем удзельнікам стварыць архітэктурныя і дызайнерскія кампазіцыі з катушак і драўляных будаўнічых палетаў. Як, напрыклад, у тым годзе дызайнеры з Менску Дзмітры Сурскі, Дзяніс Трапашка і Дзмітры Беляховіч зрабілі Пізанскую вежу і гармату-аловак.

Гармата-аловак з "Арт-салата-2015"

Творы будуць прэзентаваныя на закрыцці пленэру 9 ліпеня.

Пасля «Арт-салата» ў мінулым годзе усе творы былі расстаўленыя ў ваколіцах Салацця - адну з намаляваных катушак, напрыклад, можна ўбачыць каля рэстарана ў Парэччы. Гэтым разам кампазіцыі таксама «ўпішуць» у мясцовыя краявіды.

Арганізатарамі арт-пленэру выступілі гарадзенскі мастак Юрась Мацко, бізнесовец Юры Рэмша, мастак Сяргей Кірко і арт-галерэя «Крыга».


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 14.06.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.