У Гродне сухое лісце збіраюць і вывозяць на … могілкі

У Мінску з мінулага года апалае лісце ў гарадскіх парках пакідаюць амаль некранутым. Здаровае лісце перагнівае і ўгнойвае глебу, хворую лістоту прыбіраюць. У Гродне такога абавязковага правіла няма: і чыстае, і бруднае лісце дворнікі старанна прыбіраюць і вывозяць. Куды?

14.10.2015 Жывая прырода Аўтар: Татьяна Уланович Фота: tut.by, panoramio.com, nest.by

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі гродзенскага гарвыканкама Юры Лапціёў распавёў, што сэнсу пакідаць апалае лісце ў гарадскіх парках і газонах няма:

- Сухое лісце ў гарадскіх парках, скверах, на газонах прыбіраецца і вывозіцца супрацоўнікамі “Спецаўтагаспадаркі”. Гэта пытанне добраўпарадкавання гарадской тэрыторыі, і я не бачу мэтазгоднасці яго пакідаць. Я разумею, што для ўрадлівасці глебы лісце лепш пакінуць, але напрыклад, калі на газонах у парку Жылібера лісты не прыбраць, а з дарожак змесці, то вецер хутка іх разнясе і праца дворніка будзе марнай. Раслінамі ў парку займаецца “Гродназелянбуд”. Ягоныя супрацоўнікі ведаюць, як і чым паляпшаць умовы для раслін. Таму пакідаць там лісты няма неабходнасці.

Да нас людзі тэлефануюць і скардзяцца: чаму ў парку не прыбранае лісце? Лісце прыбяруць, іншыя людзі тэлефануюць: чаму прыбралі лісце? Хочам пашаргатаць апалай ліствой. За гэтым я раю прагуляцца ў парк Румлёва: там, наколькі ведаю, лісце не прыбіраюць.

Гродненка мечтает возродить ботанический сад Жилибера

Румлёўскі парк мае статус лесапарка, таму ён не падлягае ачышчэнню і вывазу сухога лісця, патлумачыла каардынатар экалагічнага руху ў Гродзенскай гімназіі №1 Таццяна Барысевіч:

- На самой тэрыторыі гімназіі лісце прыбіраюць, так патрабуе санэпідэмстанцыя. Аднак за школьным плотам лісце ніхто не чапае, і яно ляжыць усю зіму. У Румлёўскім парку, да якога прылягае тэрыторыя нашай гімназіі, лісце зграбаюць толькі з дарожкі, можа, зусім трохі абапал яе, але я не бачыла, каб яго кудысьці вывозілі. Каб Румлёва было б паркам, а не лесапаркам, магчыма, сітуацыя была б інакшай. З вучнямі мы часам выходзім у Румлёўскі парк на прыборку, але мы прыбіраем толькі бытавое смецце, пластык, але не лісце. Вось, дарэчы, у гэтую суботу пойдзем туды прыбіраць, - дадала Таццяна Барысевіч.

Намесніца начальніка 2-га ўчастка добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання гарадскіх тырэторый “Спецаўтагаспадаркі” Алена Грэсь распавяла, што сухое чыстае лісце вывозяць на могілкі Аульс, а бруднае і хворае вывозяць на палігон ЦБА на захараненне. Інфармацыю пацвердзіў начальнік участка грамадзянскага абслугоўвання “Спецаўтагаспадаркі” Віктар Чумічоў:

- Сухой лістотай мы засыпаем зімовыя сектары на могілках Аульс, каб грунт нямоцна прамярзаў. Пасля гэтага лягчэй капаць магілы ўзімку.

У эфектыўнасці такога выкарыстання сухіх лісцяў сумняецца гродзенскі краязнаўца, біёлаг Ігар Лапеха:

- Не ўпэўнены, што сухая лістота настолькі захавае грунт ад прамярзання, каб можна было лягчэй капаць. Затое губляецца падкормка для глебы. Вы бачылі, якая глеба ў гарадскіх парках і на газонах? У пустэльні глеба і тое больш урадлівая. Вось у Мінску эколагі дамагліся таго, што лісце застаецца на зямлі, перагнівае і корміць глебу і, адпаведна, расліны. Ёсць 2 віды лістоты: здаровых дрэваў і хворых. У другім выпадку яе трэба збіраць асобна і вывозіць захараньваць у ямы з вялікім пластам зямлі зверху. Там яна перагнівае на кампост. Здаровую лістоту можна пакідаць перагніваць на месцы.

Але ў нас другая праблема. У нас няма спецыялістаў у такой колькасці, каб адрозніваць здаровае і хворае апалае лісце. Калі дворнікі могуць сэгрэгаваць такую лістоту, то частку можна пакідаць перагніваць.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 14.10.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.