У Астраўцы і Варнянах адкрыюць скульптуры ласосяў 

25 жніўня на Астравеччыне будуць святкаваць Дзень горада і адкрыюць дзве скульптуры беларускіх ласосяў.

23.08.2018 Грамадства Крыніца: ptushki.org

Скульптура ласося ў Портлэндзе, ЗША. Ілюстратыўнае фота: LiveInternet

Мала хто ведае, але дагэтуль у нашыя халодныя і чыстыя рачулкі ажно з Балтыйскага мора прыплываюць на нераст ласосі: кумжа і сёмга. Яшчэ адзін від ласасёвых – стронга – увесь год жыве ў нашых рэках.

Менавіта ў рэках Астравеччыны можна сустрэць гэтых рыб. Ласось намаляваны нават на гербе Астраўца. Таму горад і прысвяціў яму скульптуру, якую адкрыюць 25 жніўня а 9.00.

Яшчэ адна скульптура – ад АПБ – адкрыецца 25 жніўня а 12.00 у аграгарадку Варняны Астравецкага раёна. Год таму мы стварылі ў Варнянскай яслях-садку-сярэдняй школе Ласасёвы цэнтр. Сюды прыязджаюць турысты і проста цікаўныя людзі, каб даведацца ў займальнай форме пра дзіўнае жыццё ласосяў. А цяпер яны змогуць яшчэ і зрабіць сэлфі са скульптурай, якую зрабіў Валянцін Борзды.

Адкрыццё абедзвюх скульптур адбудзецца з удзелам дырэктара АПБ Аляксандра Вінчэўскага.

Прыязджай!

Адрас Ласасёвага цэнтра (Інфацэнтра па захаванні ласасёвых рыб): вул. Піянерская, 2, а/г Варняны, Астравецкі р-н, Гродзенская вобласць.

Тэлефон школы, дзе знаходзіцца цэнтр: +375159179829.

Лососевый центр Островец Ворняны

Стэнд у Ласасёвым цэнтры

Пасля адкрыцця скульптуры будзе экскурсія па Ласасёвым цэнтры.

Ласасёвы цэнтр і скульптура кумжы з’явіліся ў межах праекта “Развіццё і ўмацаванне сеткі захавальнікаў вакол значных водна-балотных угоддзяў”, які фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве (SIDA) і Кааліцыяй “Чыстая Балтыка” (ССВ). 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 23.08.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.