Юры Гардзееў: «Зрабіць рэканструкцыю Савецкай плошчы варта, каб прыязджалі турысты і горад мог нешта зарабіць»

Гісторык Юры Гардзееў расказаў, як змяняўся выгляд Савецкай плошчы, як варта яе перабудаваць, каб яна прываблівала турыстаў, і як выкарыстоўваюць гарадскую прастору. Сустрэча з гісторыкам адбылася ў Гродне ў студэнцкім навукова-даследчым гуртку «Ніка».

24.04.2017 Грамадства Аўтар: Алена Кавальчук Фота: harodnia.com

Як змянялася Савецкая плошча?

Паводле даступных матэрыялаў, плошча (будзем выкарыстоўваць яе старажытную назву — Рынак) пачала фарміравацца прыблізна ў 15 стагоддзі. Можна меркаваць, што на пачатку 16 стагоддзя была ўзведзена Ратуша, якая была сімвалам гарадской незалежнасці і самабытнасці. Там праходзілі паседжанні рады, лавы, размяшчаліся розныя меры. Хутчэй за ўсё, на плошчы знаходзілася і турма.

Цэнтральную частку Рынка займалі крамы. Па перыметры былі размешчаны камяніцы мяшчан, потым ўжо шляхты, а потым магнатэрый. Гэта быў этап Рэчы Паспалітай.

У 19 стагоддзі цэнтральным аб’ектам Рынку была Ратуша, ці гасцінны двор. Калі казаць пра архітэктурныя дамінанты, то імі былі Фарны касцёл і Фара Вітаўта, якая ў 19 стагоддзі стала праваслаўным Сафійскім саборам. І старажытны рынак, які ў часы Расійскай імперыі называўся саборным, парадным.

Фота будынка Ратушы, 1932 г.

Канчаткова плошча сфармавалася на мяжы 19–20 стагоддзяў. Канешне, у польскія часы штосьці дабудоўвалася, перабудоўвалася.

Наступны, апошні этап — гэта парушэнне цэласнасці архітэктурнай кампазіцыі старажытнага Рынка. Пасля вайны ўлады асабліва не цікавіліся аднаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, у Варшаве палякі адбудавалі свой стары горад. У нас пайшлі па іншым шляху — фактычна, зачысцілі Савецкую плошчу. Палаца Радзівілаў ужо не было, былой Ратушы не было. На месцы забудовы заходняй часткі пабудавалі Палац тэкстыльшчыкаў, за ім — бомбасховішча.

Фара Вітаўта ў пачатку 1960-х гг., фота harodnia.com

У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў вялася дыскусія па перабудове плошчы. Былі прапановы адбудаваць Ратушу і іншыя аб’екты. Такія ідэі былі і ў нулявыя гады. А потым была праведзена рэканструкцыя 2006 году, у выніку якой ні адзін з гістарычных аб’ектаў не быў адноўлены.

Рэканструкцыі праводзяцца на падставе шматгадовых прац. Гісторыкі павінны знайсці ўсю інфармацыю па будынках, якая ёсць ў архіве. Паралельна археолагі праводзяць раскопкі. Інжынер з рэстаўрацыйнай фірмы займаецца розным абсталяваннем унутры, а архітэктар — фасадам. І гэты працэс ідзе гадамі. Я бачыў, як адзін аб’ект у Кракаве рэстаўравалі 16 ці 17 год. Гэта вялікія грошы. Трэба мець волю і жаданне, каб нешта зрабіць. А гэта трэба зрабіць не толькі для таго, каб нешта адбудаваць, а і для таго, каб прыязджалі турысты. Каб мы ім нешта маглі паказаць, чымсьці пахваліцца, і каб горад мог нешта зарабіць.

Якой Юры Гардзееў бачыць ідэальную плошчу?

Гэта акурат трэба вырашыць. Варта стварыць музей горада. У фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ёсць такая вялікая колькасць артэфактаў, што іх няма куды выстаўляць. Ва ўсіх гарадах ёсць музеі гарадской ці народнай культуры. Пэўныя аб’екты на плошчы варта больш зграбна перарабіць, каб яны не займалі такую дамінантную пазіцыю ў горадабудаўнічым вобліку і панараме горада.

Але дробныя папраўкі на Савецкай плошчы нічога не дадуць. Трэба камплексна да яе падыходзіць: аднаўляць аб’екты з паўночнага, і з усходняга, і з заходняга бакоў. Нас могуць абвінаваціць у тым, што мы пэўных рэчаў не разумеем. Таму што калі аб’ект адбудоўваецца, то хто яго будзе будаваць? Рэстаўрацыйная фірма будзе будаваць, а потым будынкі будуць арэндавацца? Ці фірма пад чыюсьці замову будуе, а потым гэты чалавек будзе распараджацца будынкам?

Адбудаваны будынак павінен функцыянаваць. Можна той самы палац Радзівілаў і іншыя аб'екты адбудаваць, але гэта будзе абсалютна іншы палац, які будзе жыць іншым жыццём. Вы там не будзеце з паходнямі хадзіць, як гэта было ў 18 стагоддзі. Трэба будзе электрычнасць правесці, вентыляцыю зрабіць і іншае, чаго не было ў 18 стагоддзі.

Якія аб’екты на Савецкай плошчы варта аднавіць?

Ратушу, забудову па перыметры. У ідэале трэба зрабіць плошчу замкнёнай. Але ў Савецкую плошчу ўжо былі укладзены вялікія грошы, і ніхто зараз гэтым займацца не будзе. Можа, і добра, бо пакуль пад брукоўкай пахавана тое, да чаго мы не дайшлі. З таго, што я бачыў, гэты культурны слой у 2006 годзе бязлітасна знішчалі. Канешне, у пэўных месцах праводзіліся раскопкі. Але іх трэба правесці на кожным сантыметры.

Наколькі рэальна зараз правесці такія раскопкі?

Абсалютна нерэальна. Гэта пытанне двух фактараў: волі і сродкаў. Трэба нешта захацець. Рыхтуючыся да лекцый, зазірнуў у літаратуру, звязаную з Вялікім Ноўгарадам. Там няважна было, вайна-не вайна, голад-не голад, грошы ёсць ці няма, кожны год праводзіліся раскопкі. Паглядзіце на Вялікі Ноўгарад: як цікава яны правялі рэканструкцыю. Нават французскі фільм дакументальны пра гэта ёсць. Трэба займець жаданне, а сродкі, нават мінімальныя, і знойдуцца. Хоця можа, мая думка вельмі ідэальна і рамантычна гучыць.

— Ці падаецца вам перспектыўнай ідэя пешаходнага цэнтра?

Ён існуе, мне здаецца: пешаходныя Савецкая вуліца, Савецкая плошча, маставая. Быў праект Андрэя Вашкевіча аб фарміраванні пешаходнага гістарычнага цэнтра падчас рэканструкцыі 2006. Той план, каб зрабіць іншыя вуліцы пешаходнымі, быў вельмі цікавым, я толькі за. Тады трэба транспартныя плыні вывесці на іншы мост. То бок, трэба будаваць новы мост, каб пабудаваць іншую транспартную развязку. У 2006 годзе былі прапановы, каб побач з чыгуначным яшчэ адзін мост пабудаваць, але ўлады пайшлі па іншым шляху.

Гродненский историк Андрей Вашкевич: В историческом центре Гродно — место для пешеходов и троллейбусов

— Якую інфраструктуру варта дадаць на Савецкую плошчу?

Ва ўсіх еўрапейскіх гарадах выкарыстоўваецца падземная прастора і падвальныя памяшканні. Ёсць шматпавярховыя падвалы, там знаходзяцца бары і іншыя рэчы. У нас з прыкладаў ёсць толькі кафэ «Раскоша» і «Карчма» на рагу вуліц Савецкай і Ажэшка. Ва ўсіх еўрапейскіх гарадах захаваныя падземныя гарады. Гэта турызм і грошы для горада і бюджэта. Каб і ў нас гэта з’явілася, трэба неяк абмяркоўваць, сустракацца, запрашаць прадстаўнікоў улады, каб быў дыялог, і прапаноўваць нешта канкрэтнае.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 24.04.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.