Створана сістэма, каб ратаваць арлоў ад сутыкненняў з ветракамі

З самага пачатку масавага выкарыстання ветру для выпрацоўкі электраэнергіі, на ветраках гінуць і птушкі, і кажаны. Але цяпер ветракі могуць "назіраць" за птушкамі і своечасова спыняцца.

24.07.2018 Вакол свету Крыніца: ptushki.org Фота: pixabay.com

Зразумела, што колькасць забітых птушак моцна залежыць ад месцазнаходжання фермы або асобнага ветрака. Але для такіх вялікіх птушак з доўгім жыццём, як арлы і арланы, гібель нават адной асобіны можа негатыўна ўздзейнічаць на лакальную папуляцыю. Таму аўтаматычная сістэма, якая магла б без умяшальніцтва чалавека выключаць вятрак пры небяспечным набліжэнні птушак да яе, магла б захаваць шмат птушыных жыццяў. І вось яе прататып створаны і прайшоў паспяховыя выпрабаванні.

Сістэма атрымала назву IdentiFlight і павінна адключаць вятрак, калі адзначыць паблізу арла-маркута ці белагаловага арлана. Запрошаныя даследчыкі з Peregrine Fund, Western EcoSystems Technology і American Wind Wildlife Institute праверылі яе эфектыўнасць з дапамогай сваіх назіральнікаў і фатографаў. 

Атрымалася, што сістэма на адлегласці ў 1 км "убачыла" 96% птушак, адзначаных назіральнікамі, аднак у дадатак да іх камеры змаглі адзначыць на 562% больш птушак, чым абедзве групы назіральнікаў! Зразумела, што IdentiFlight не ідэальная: яна вызначыла як "не арлоў" 9 са 149 арлоў і арланаў (6%) і нават памылілася ў 28% выпадкаў, калі 278 "не арлоў" прызнала за іх з 1013 іншых птушак. 

Аднак для бяспекі птушак было найбольш важным тое, што камеры ў сярэднім за 793 м ад ветрака змаглі ўбачыць і класіфікаваць адзначаных птушак за прамежак часу меншы, чым 0,5 сек. Калі шлях птушкі мог прывесці яе да гібелі праз сутыкненне з лопасцямі ветрака, сістэма выключала яго на час, неабходны для пралёту арла на бяспечную адлегласць.

Запрошаныя назіральнікі пагадзіліся, што "атрыманыя вынікі сведчаць пра магчымасць эфектыўнага выкарыстання аўтаматычных камер для адзначэння і вызначэння птушак у палёце", а таксама могуць выкарыстоўвацца для падлікаў драпежных птушак падчас міграцыі, у аэрапартах і падчас праверкі розных месцаў на колькасць пралётных птушак для выбару месцаў размяшчэння ветракоў ці іншай небяспечнай для птушак інфраструктуры.

Раней сёлета кампанія Duke, якая была прызнаная віноўнай у гібелі ахоўных паводле закону відаў птушак у 2013 годзе і пагадзілася рэалізаваць адпаведную праграму па кампенсацыі прычыненай навакольнаму асяроддзю шкоды, усталявала 25 сістэм IdentiFlight на ветраках свайго праекта Top of the World Windpower у штаце Ваёмінг. Такім чынам кампанія зрабілася першым аператарам ветрафермаў, які выкарыстоўвае гэтую тэхналогію, каб пазбегнуць сутыкненняў арлоў і арланаў з ветракамі. 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 24.07.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.