Цецярук ці балотны лунь: на Лідчыне абіраюць птушку-сімвала (агляд і фота)

Цецярук, сокал-кабец, кулік-случок, рачная крычка ці балотны лунь. Якая з гэтых птушак стане сімвалам Лідчыны? Паводле ініцыятывы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», у Беларусі праводзіцца кампанія па выбары птушкі-сімвала для кожнага раёна краіны. Для Лідcкага раёна адмыслоўцы прапанавалі на выбар ажно пяць відаў птушак. Пра крытэрыі адбору і саміх «кандыдатаў» мы паразмаўлялі з адмыслоўцам, сябрам савета Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, лідчанінам Юрыям Квачам.

26.04.2017 Жывая прырода 2 Аўтар: Сяргей Саковіч Фота: Юрый Квач, Сяргей Саковіч

Па якім крытэрыі адбіраліся птушкі-прэтэндэнты?

Від-сімвал павінен быць у першую чаргу цікавы, прыгожы, прыцягальны, абавязкова гнездаваць на тэрыторыі Лідскага раёна. Ну і назва павінна быць мілагучнай. Я хацеў прапанаваць яшчэ і малую коўру. Але па-руску яна называецца «малая поганка», што не вельмі прыемна гучыць. Хаця сам від, безумоўна, прыгожы і цікавы.

Чым адметныя для Лідчыны прапанаваныя віды?

Цецярукі — звычайныя, але не шматлікія на гнездаванні птушкі. На тэрыторыі Лідскага раёна мне вядома прынамсі толькі тры месцы, дзе можна вясной паназіраць за іх токам. Хацелася б, каб такіх месцаў было больш, як і саміх птушак. Таму і прапанавалі.

Цецярук, фота Belarus.by

Сокал-кабец — рэдкі від, занесены ў Чырвоную Кнігу. Птушкі сустракаюцца на Лідчыне кожны год. Складаней заўсёды адзначыць на гнездаванні, бо птушкі вельмі асцярожныя. Дарэчы, у пазамінулым годзе пашчасціла зарэгістраваць цікавы выпадак гнездавання гэтых птушак на адной з апор лініі электраперадач. Абранне сімвалам дазволіць прыцягнуць да іх праблем больш увагі.

Маладыя сокалы-кабцы

Кулік-случок, рачная крычка, балотны лунь — звычайныя віды. Гняздуюць як у самой Лідзе, так і яе ваколіцах, на Нёмане і Дакудаўскім балоце ў дастатковай колькасці. І людзям яны часта трапляюцца на вочы. Але пра іх мала ведаюць. Добрая нагода пазнаёміцца з імі або даведацца пра іх больш.

Фотапаляванне на птушак: Як лавіць добрыя кадры (+ прыгожыя фотаздымкі)

Кулік-случок

Рачныя крычкі

Балотны лунь, фота Sibirds.ru

У лідскім райвыканкаме на паседжанні камісіі, дзе былі прадстаўлены заяўленыя віды, прапанавалі яшчэ два віды ў якасці «кандыдатаў»: вялікую белую чаплю і дразда-піскуна. Белая чапля — нядрэнная ідэя. Прыгожая птушка, часта сустракаецца і добра пазнавальная сярод людзей.

Белая чапля

А вось што датычыцца дразда-піскуна, то мяркую, гэта не лепшы варыянт. Від шырока паўсюль распаўсюджаны, асабліва ў нашых парках, але занадта банальны для сімвала.

Дрозд-піскун

Американская свиязь и сокол-сапсан: ТОП-10 редких птиц, которые посетили Гродненщину в прошлом году (фото)

У любым выпадку рашэнне прымаць жыхарам Лідчыны падчас галасавання, якое мясцовыя ўлады плануюць правесці на старонках «Лідскай газеты» і ў сацыяльных сетках. А мы будзем уважліва сачыць за вынікамі.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.04.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.