Алергія - праблема ўрбанізаванага свету?

Я хварэю на астму з шасці гадоў і прызвычаіўся неяк з ёю ўжывацца. Асабліва запомніўся досыць нечаканы пачатак хваробы, калі «раптам» арганізм пачаў бурліва рэагаваць на рэчы, якія да таго мяне зусім не пераймалі. Напрыклад, подушкі ў вясковай хаце, моцныя пахавыя раздражняльнікі накшталт фарбы або банальная ванна з гарачай вадой. Канкрэтнага адказу, чаму менавіта мне выпала «сябраваць» з гэтай хваробай і чаму алергіі і астма так хутка распаўсюджваюцца ў свеце, я ад нашых урачоў так і не атрымаў. Шукаю ў кніжках і хачу падзяліцца свежым, за апошнія восем-дзесяць гадоў, досведам вучоных усяго свету ў гэтай справе. Падкрэслю, канешне, што гэта не тэкст з медыцынскімі парадамі, а хутчэй навукова-папулярная нататка, якая, спадзяюся, прынясе некаторую карысць маладым бацькам.

28.02.2017 Грамадства Аўтар: Андрэй Вашкевіч Фота: pixabay.com

Алергіі ўсё болей

У Беларусі колькасць дзяцей з выразнымі формамі алергіі ўстойліва перайшла праз адзнаку ў 20%, але як паказвае вопыт заходнееўрапейскіх краін, гэта яшчэ не верхняя мяжа. У ФРГ, напрыклад, на алергічныя захворванні церпяць больш за 30% дзяцей. Ёсць школьныя класы, дзе пяць-шэсць хлопчыкаў або дзяўчынак пастаянна носяць з сабою «адрэналінавыя шпрыцы», паколькі алергіі ў іх настолькі цяжкія, што могуць забіць за некалькі хвілін.

Пра астму людзі ведалі і раней, але ў папярэднія стагоддзі ад яе цярпелі адзінкі, алергію мелі некалькі працэнтаў насельніцтва (колькі дакладна, канешне, ніхто цяпер не скажа). Больш таго, і цяпер, скажам у афрыканскіх краінах, алергіі не ўяўляюць вялікай грамадскай праблемы.

Таму першае, што трэба сцвердзіць — астма і алергіі — праблема «цывілізаванага» (урбанізаванага, з сучаснымі стандартамі жыцця) свету. І праблема вельмі сур’ёзная.

todaysparent.com

Механізм з’яўлення алергіі

Як вядома, за барацьбу арганізма са знешнімі (і часам унутранымі) небяспекамі (вірусамі, мікробамі, паразітамі і інш.) адказвае імунітэт. Сёння даказана, што ёсць два віды імуннай рэакцыі арганізма на раздражняльнік, і за кожны з гэтых відаў адказвае асобны тып клетак, якія «распазнаюць» небяспеку.

Першы тып клетак вядзе да знішчэння варожых клетак, другі спрабуе іх з арганізма «вымыць». Першую рэакцыю мы назіраем у выглядзе запалення навокал ранкі на руцэ, другі — калі смаркаемся або кашляем. У прынцыпе абодва гэтыя тыпы рэакцыі працуюць на арганізм разам і з’яўляюцца пэўнай формай запалення. Пры чым у дарослых людзей дамінуюць імунныя клеткі першага тыпу.

Але ў малых дзяцей больш выражаны другі тып імуннай рэакцыі, калі арганізм спрабуе «вымыць» небяспеку. Чаму так ёсць — вучоныя не ведаюць, але існуе меркаванне, што гэта звязана з тым, што арганізм у самым пачатку існавання не хоча знішчаць усе запар мікраарганізмы, якія на яго або ў яго трапляюць, паколькі павінен «засяліцца» іх формамі, прымальнымі для чалавека.

Таму адна з галоўных і відавочных небяспек, якую хоча перамагчы імунітэт малога чалавека — гэта паразіты, найперш спрадвечныя спадарожнікі чалавека — глісты. А іх трэба акурат «вымываць» з арганізма, паколькі проста забіць высокаразвітага паразіта арганізму значна складаней, чым зрабіць гэта з бактэрыяй. З часам, аднак, арганізм дзіця разумее, што глісты — гэта не смяротны спадарожнік па жыцці, і незалежна ад таго — пазбавіўся арганізм ад глістоў або не (часцей за ўсё не;)) імунная рэакцыя «вымывання» здае свае пазіцыі імуннай рэакцыі запалення.

Дык вось, алергія і бранхіальная астма акурат і з’яўляюцца «паломкай» імуннай рэакцыі, калі рэакцыя «вымывання» працягвае дамінаваць і ў дзіцячыя, і ў падлеткавыя, і ў дарослыя гады, набываючы часам зусім цяжкія формы — не толькі слёзы з вачэй ды алергічны насмарк, але і спазм бронхаў і горла, якія могуць прывесці да смерці (самы небяспечны варыянт — анафілактычны шок).

Чаму хварэюць еўрапейцы, а не афрыканцы?

Адразу падкрэслю — тут справа не ў генетыцы белай расы ды негроідаў. Тут справа ў іншым. У чым — на працягу дваццаці з гакам гадоў разбіралася нямецкі алерголаг Эрыка фон Муціус. Яшчэ ў канцы 80-х гг. ХХ ст. яна паспрабавала разабрацца, чаму так імкліва распаўсюджваюцца алергіі ў дзяцей ва Усходняй Германіі.

Лекары меркавалі, што больш хворых дзяцей будзе ў вялікіх прамысловых гарадах, а ў невялікіх, дзе няма фабрык, будзе значна менш. Аказалася, што блізкасць ці аддаленасць фабрык не ўплывае на працэнт хворых астмай дзяцей (больш дзяцей мелі хранічныя бранхіты, але гэта зусім іншая гісторыя). У малых экалагічных гарадках дзеці таксама пакутавалі ад алергіі. Адзінае, што тады ўдалося высветліць — менш хворых на астму дзяцей жыве ў дамах з вугальным ды дравяным ацяпленнем, адным словам, у вяскоўцаў са звычайнымі печкамі.

Пасля ўз’яднання Германіі алерголагі параўналі дзяцей з ФРГ ды былой ГДР і страшна здзівіліся. У ГДР экалогія куды горшая, але алергіі мае каля 20% дзяцей, а ў экалагічнай ФРГ працэнт пераваліў за 30! І вось тады вучоныя згадалі тых дзяцей з пячным ацяпленнем з вёсак ГДР.

Аказалася, што пытанне ў большай урбанізаванасці ФРГ і, адпаведна, большай распаўсюджанасці санітарных стандартаў. Таксама высветлілася, што дамы з пячным ацяпленнем з’яўляюцца збольшага жытлом усходненямецкіх фермераў і іх дзеці пастаянна кантактуюць з хатнімі жывёламі, ядуць не асабліва чыстую гародніну, п’юць свежае малако.

Адным словам, вучоныя прыйшлі да цвёрдай высновы — арганізм дзіцяці ў самым малым узросце павінен выпрацаваць нармальную імунную рэакцыю на самыя розныя раздражняльнікі, павінен «навучыцца» рэагаваць правільна. А робіць ён гэта, змагаючыся з паразітамі ды бактэрыямі, якія на вёсцы сцерагуць яго на кожным куце. Вучоныя нават высветлілі самую «карысную» ў плане выпрацоўкі імунтэту жывёлу. Гэта сабака. Кот любіць памыцца (зразумела, языком), а вось сабака не асабліва пераймаецца гігіенай.

Тры галоўныя фактары

Зразумела, што на астму хварэюць і вясковыя дзеці. Але гэта акурат той невялікі працэнт яскравай генетычнай «паломкі» (правільней казаць, проста мутацыі, бо такія «паломкі» нярэдка бываюць вельмі карыснымі). Але падкрэслім — большасць дзяцей такой схільнасці не маюць, або маюць яе ў недамінуючым варыянце, які ніколі не спрацуе, калі арганізм правільна навучыцца рэагаваць на выклікі навакольнага асяроддзя.

Сёння вучоныя вызначылі тры галоўныя фактары правільнай работы нашага імунітэта ў плане «недавядзення» яго да з’яўлення алергіі або астмы.

Правільная і своечасовая заселенасць нашага арганізма адпаведнымі мікраарганізмамі. Дзіця засяляецца бактэрыямі літаральна цягам некалькіх першых дзён жыцця і тут, напрыклад, вялікую ролю мае тое, якім шляхам нарадзіўся дзіцёнак. Дзеці, якія прыйшлі на свет шляхам кесаравага сячэння, ад пачатку сутыкаюцца з бактэрыямі дарослых людзей, а не спецыяльнай мікрафлорай сваёй маці, і гэта ўжо «блытае» імунную сістэму. Такіх фактараў нашмат болей і яны далёка не ўсе вядомыя вучоным.

Кантакты малога арганізма з вялікай колькасцю аб’ектаў, якія будуць выпрацоўваць у яго імунітэт. Гэта ўласна пра сабак ды слабавата памытую гародніну і ўсё, што гаварылася вышэй.

Банальныя глісты. Лекары, якія выганяюць глістоў у дзяцей у Паўднёвым Судане, заўважылі, што праз некаторы час у мясцовых дзяцей разам з безумоўным карысным эфектам ад гэтай працэдуры з’яўляюцца алергічныя рэакцыі, вельмі падобныя на тое, што адбываецца з дзецьмі-алергікамі з ЗША, Беларусі або Нямеччыны.

damage-free.com

Адным словам алергіямі ды астмай мы плацім за цывілізацыю — высокую выжывальнасць дзяцей, добрыя стандарты жыцця, адсутнасць страшных эпідэмій, доўгую працягласць жыцця (з 35 да 70 гадоў за некалькі пакаленняў)… І цана гэта высокая. Гэта зразумела, бо нашым чыстым туалетам, пітной вадзе з крана, вымытай гародніне з пакета ды антыбіётыкам усяго сто ці нават меньш гадоў. А глісты ды сабакі «ідуць» па дарозе з чалавекам сотні тысяч гадоў і мы выдатна да іх прыстасаваныя. А з бактэрыямі, ад якіх мы так імкнемся пазбавіцца, мы жывем ужо не адзін мільён гадоў. Ды яны, безумоўна, і перажывуць чалавецтва як від. Таму мабыць трэба неяк прыстасоўвацца да жыцця разам з імі, бо інакш можа аказацца, што на алергію ў наступным стагоддзі будзе хварэць кожны, хто выйдзе са свайго стэрыльнага сховішча і проста ўдыхне паветра нашай планеты.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.02.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.