Шлях можа быць іншым. Антыядзерныя актывісткі пра вяртанне "ядзернай памяці" у барацьбе з БелАЭС

У лістападзе 2018 года на Беларускую АЭС павінны адгрузіць ядзернае паліва, згодна з планам рэалізацыі праекта на пачатку 2019 года запрацуе першы яе энергаблок. З 2006 года, як стала вядома пра намеры будаўніцтва АЭС, беларускія эколагі распачалі антыядзерную кампанію.  Грамадства ж маўкліва прымае будаўніцтва.

27.08.2018 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Таццяна Новікава

Беларусь – адна з краін, што пацярпела ад бадай самай вялікай і страшэннай ядзернай катастрофы. 32 гады таму на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС здарыўся выбух, у выніку якога шкодныя рэчывы разнесліся на сотні-тысячы кіламетраў, аселі ў глебе, вадзе — наваколлі і арганізмах людзей і жывёл.

За 32 гады вырасла цэлае пакаленне. Усе наступныя таксама зведаюць на сабе наступствы тых падзей.

Аднак сёння мала хто звязвае шматлікія праблемы са здароўем з аварыяй на ЧАЭС. Яшчэ менш людзей, асабліва маладых, трымаюць у памяці выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі і ўсведамляюць яго уплыў на сябе.

Бадай адзіным напамінам пра тыя падзеі з'яўляецца акцыя "Чарнобыльскі шлях". Але і яна з кожным годам яна збірае ўсё менш і менш людзей. Прычын гэтаму можна шукаць шмат. Сярод іх і палітызацыя мерапрыемства, і наўмыснае выкараненне з народнай памяці ядзернай трагедыі.

Між тым, ад самага пачатку, калі ў 2008 годзе Савет бяспекі нашай краіны прыняў рашэнне па будаўніцтве першай беларускай атамнай станцыі, прадстаўнікі экалагічных арганізацый сцвярджалі пра палітычнае адценне такіх планаў. Маўляў, абумоўлена гэтае рашэнне не рэальнай неабходнасцю займець сваю энергетычную крыніцу і стаць незалежнымі ад Расіі, бо вядзе яно якраз у яшчэ большую пастку.

Да ўсяго ўзнікалі пытанні і да бяспекі атамнага аб'екта, а таксама парушэнняў, што пачалі выяўляцца з маманту праектавання станцыі.

Напрацягу 10 год актывісты і актывісткі антыядзернай кампаніі і прадстаўнікі экалагічных арганізацый намагаюцца дабіцца адмены будаўніцтва Беларускай АЭС, даводзячы праблемы, звязаныя з яе ўзвядзеннем, да міжнароднага ўзроўню.

Адной з задач "зялёных" стала вяртанне "ядзернай памяці" беларускаму народу — напамін пра аварыю на ЧАЭС праз наданне Чарнобыльскаму шляху сацыяльна-экалагічнага гучання.

Цягам апошніх год эколагі асабліва актыўна пачалі казаць пра трагедыю 1986 года не як пра мінулае, а як пра тое, з чым мы жывем сёння і з чым будзем суіснаваць у будучым. Тым больш, што БелАЭС, на якой праз год мусяць запусціць першы энергаблок, абмінаючы ўвагай надзвычайныя сітуацыі, што здарыліся на будаўнічай пляцоўцы аб'екта, нясе новую патэнцыйную пагрозу для людзей.

У 2018 годзе падча Чарнобыльскага Шляху "зялёная" калона, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі "Зялёныя", грамадскага аб'яднання "Экадом", іншых сяброўскіх арганізацый і актывісты, актывісткі экалагічнага руху, вырашылі правесці чарговую інтэракцыю, якая б візуальна і тэматычна вылучалася з агульнага шэрагу.

Па словах Анастасіі Дарафеевай, кіраўніцы партыя "Зялёныя", найбольш прыкметным падчас шэсця быў "корпус рэактара", які па ходу шэсця то выпадкова, то наўмысна ўпускалі актывісткі ў форме рабочых.

"Такім чынам мы хацелі прыцягнуць увагу да таго, што на АЭС у Астраўцы ўсталявалі корпус рэактара, які з'яўляецца пашкоджанным, пасля таго, як ён сутыкнуўся з апорамі лініі электраперадач пры транспарціроўцы. Гэта другі па ліку корпус, першы пасля падзення сіламі грамадскасці і медыя ўдалося замяніць. Аднак у нас няма веры ў бяспецы ўсталяванага корпуса. Як сцвярджаюць эксперты ядзернай энергетыкі, нават самыя нязначныя мікрапашкоджанні ці любая дэфармацыя рэактара могуць прывесці да сур'ёзнай аварыі", — кажа яна.

Фота svaboda.org

Таму ў БелАЭС ёсць усе падставы паўтарыць трагічны шлях Чарнобыльскай АЭС, упэўненыя "зялёныя". Тым больш, што застаецца мала часу, каб нешта змяніць і паўплываць на сітуацыю.

Сімвалічнымі пад час акцыі былі і паводзіны "работнікаў", якія неслі муляж корпуса рэактара, падкрэслівае Анастасія. Тыя выразы, што даводзілася чуць ад іх: "усё нармальна", "нічога не здарылася", "усталюем, будзе працаваць" — мадэляванне рэакцыі, якая была ў афіцыйных уладаў пры аварыі ў Прыпяці, на Фукусіме і пры выбуху рутэнія ў мінулым годзе.

"Гэта дэманстрацыя таго, з чым мы рызыкуем сутыкнуцца, калі здарыцца надзвычайная сітуацыя на БелАЭС. Напачатку нас будуць пераконваць, што ўсё добра і няма чаго хвалявацца, нічога не адбылося, затым папросяць захоўваць спакой, заніжаючы ўзровень рызыкі і небяспекі", — тлумачыць Анастасія Дарафеева.

Акрамя таго, частка актывістаў і актывістак "зялёнага" блока трымалі ў руках шыльды з QR-кодамі, якія напачатку бянтэжылі ўдзельнікаў шэсця і СМІ. Аднак такі крок да візуалізацыі свайго мэсэджу быў зроблены наўмысна, сцвярджае кіраўніца партыі.

"Ад самага пачатку, як стала вядома пра намер Беларусі займець сваю атамную станцыю, мы выходзілі з позвамі «спыніць будаўніцтва АЭС». Але увесь іх сэнс заставаўся толькі фотафактамі ў рэпартажах медыя… А пасутнасці сыходзіў у нікуды. Мы вельмі стаміліся ад гэтага і захацелася нейкага інтэрактыву, каб людзі пачалі прыкладаць намаганні. Тут яно патрабавалася зусім невялікае: адсканаваць код і перайсці на старонку з тэкстам. Да ўсяго нас часта абвінавачваюць у алярмізме. Таму важным было паказаць, што ўсе нашыя патрабаванні грунтуюцца на рэальнай інфармацыйнай базе", — распавядае Анастасія.

Фота svaboda.org

Сімвалічным быў і новы лагатып Чарнобыльскага шляха, які "зялёныя" прапанавалі сёлета. Ён практычна паўторвае існуючы: дзе адно з дзяленняў радыяцыйнага знака займае выява валошкі. У інтэрпрытацыі эколагаў кветку замянілі на ветрачкі.

"Лагатып Чарнобыльскага шляху заўсёды быў знакам смутку па ахвярах трагедыі. Аднак з улікам таго, колькі часу прайшло і з будаўніцтвам Беларускай АЭС, нам падаецца, што жалобы ўжо не дастаткова. Таму і адным з лозунгам у нас быў “памятаць — значыць змагацца”. Мы хацелі паказаць за што варта змагацца, якая альтэрнатыва існуе атамнай энергетыцы і якой можа быць будучыня ў Беларусі без АЭС", — мяркуе кіраўніца партыі "Зялёныя".

Пэўная гульня сэнсаў атрымалася і з галоўным лозунгам: "Шлях можа быць іншым". Тычыцца ён як агульнага шляху развіцця краіны, які грунтуецца на аднаўляльных крыніцах энергетыкі, так і самаго Чарнобыльскага.

"Апошнія некалькі год сэнс акцыі страціўся, Чарнобыльскі шлях ператварыўся ў рэтуальнае шэсце. Нам хацелася падкрэсліць, што выключна праяўляць смутак па ахвярах трагедыі — значыць іграць на дзяржаўным баку і паўтараць тую ж рыторыку: што аварыя на ЧАЭС — гэта наша мінулае. Але на самой справе Чарнобыль працягваецца і на сённяшні дзень", — распавядае Анастасія Дарафеева.

Сёлета назіральнікі налічылі крыху больш за 400 удзельнікаў Чарнобыльскага Шляху, між тым жывую трансляцыю “Белсата” ў гэты самы момант глядзела шэсць тысяч чалавек.

Па словах кіраўніцы Беларускай партыі "Зялёныя" Анастасіі Дарафеевай, людзям трэба адрывацца ад сваіх камп'ютараў і выходзіць у оффлайн, бо толькі такім чынам можна будзе паўплываць на штосьці.

Фота - Сяргей Балай, БелаПАН

Яе меркаванне раздзяляе актывістка грамадскага аб'яднання "Экадом" Марына Дубіна:

"Калі мы хочам зменаў — неабходны асабісты ўдзел кожнага чалавека, прыняцце адказнасці за тыя праблемы, што існуюць у грамадстве. Бо экалагічныя праблемы — не тычацца выключна эколагаў, праблемы з правамі чалавека — гэта не толькі пытанні да праваабаронцаў, будаўніцтва АЭС — не толькі справа антыядзерных актывістаў і актывістак. Гэта тычыцца ўсіх і закранае грамадства ў цэлым. Нельга заставацца безудзельнымі. Аднак найчасцей даводзіцца назіраць, што адказнасць за вырашэнне таго ці іншага пытання ўскладаецца на кагосьці іншага, ад другіх чакаюць актыўных дзеянняў. Але мы лічам, што і Чарнобыльскі шлях, і шлях у прынцыпе можа быць іншым толькі, калі людзі праявяць ініцыятыву і разам пачнуць змяняць нашае сёння для той будучыні, якую б хацелася бачыць усім".

 

Ці магчыма выцягнуць людзей з-за кампутараў, ці магчыма далучыць да штогадовай памятнай акцыі больш удзельнікаў, як зрабіць Шлях іншым? Зялёны партал распачынае адмысловы медыйны праект, у якім мы будзем шукаць іншыя фарматы акцыі, задаваць пытанні экспертам і эксперткам наконт зместу і пасылу Шляху, разважаць пра культуру памяці Чарнобыльскай трагедыі і разам з чытачамі ўзгадваць уласныя сямейныя гісторыі жыцця з аварыяй і пасля яе.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 27.08.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.