Шлях

Пяць лайфхакаў ад фларыста, як нарыхтаваць кветкі на розныя выпадкі жыцця

“Калі вам дораць букеты, не выкідайце іх. Іх можна разабраць на пялёсткі, засушыць, зрабіць паштоўку і камусьці падарыць”, – раіць фларыст Юлія Антух, якая нарыхтоўвае кветкі ўжо больш за 20 год.

03.06.2020 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Надзея Анісовіч Фота: З архіва гераіні

На адукацыйным фестывалі “Вышка” яна расказала пяць правераных спосабаў, як захаваць кветкі і лісцікі надоўга. Іх можна выкарыстоўваць як дэкор у доме або рабіць падробкі ў сад і школу.

 

Спосаб першы – падвесіць пучкі

Гэты варыянт самы просты. Расліны збіраюць, звязваюць у маленькія пучкі і падвешваюць уніз галавою. Такім чынам добра сушыць розныя травы і каласкі. Іх сезон – як раз сярэдзіна чэрвеня, так што ў хуткім часе можна ўжо адпраўляцца на пошукі.

З раслін падыдзе лён, скарбіёза, мак, рудбекіі, чарнушка, эхінацэя, аксамітнік, ружы, луннік. Калі штосьці асабліва падабаецца, можна вырошчваць на лецішчы. У гэтых раслін каробачкі засыхаюць самі па сабе, і не трэба асаблівага догляду.

“Ружы я ўвогуле вельмі часта сушу, калі яны ў мяне застаюцца ад букетаў. Калі я бачу, што ў іх ужо мала шанцаў далей жыць, проста звязваю іх пучком і вешаю ўніз галавою. Яны вельмі добра засушваюцца”, – каменціруе Юлія.

Яшчэ як варыянт, з траў можна рабіць снапы і ставіць на стол. Калі гэта рабіць у сухім памяшканні, то яны і так добра засохнуць у форме. Пажадана, каб пакой быў цёмным, каб травы не згубілі колер з-за прамых сонечных промняў.

 

Другі спосаб – у манны

У манне можна сушыць самі кветкі, каб захаваць іх аб’ём і колер. Для гэта трэба ўзяць свежую кветку, поўную сіл, і адрэзаць сцябліну. Далей бяром скрынку і насыпаем каля 1 см манны. Кладзём уніз галавою на манну кветачку і засыпаем усё на 1-2 см. Пасля можна класці новы слой кветак. Так у адной скрынцы можна засушыць да трох слаёў раслін. Важна насыпаць манну акуратна пальцамі, каб кожная кветка не памялася і захавала сваю форму.

Пасля 2-3 тыдняў іх акуратна дастаём, нахіляючы і раскопваючы пэндзлікам кожную расліну. У манне можна эксперыментаваць з рознымі кветкамі. Але Юлія Антух раіць паспрабаваць з нарыхтоўкай рагулек, бо яны прыгожа захоўваюць свой сіні колер. Такім чынам можна засушваць любыя маладыя моцныя кветкі, акрамя белых. Яны, на жаль, згубяць свой колер і стануць руда-карычневымі. Лепш абіраць нешта насычанае і яркае.

 

Трэці спосаб – у гліцэрыне

Гліцэрын захоўвае расліны гнуткімі, жывымі. У Юліі Антух ёсць ліст клёна, нарыхтаваны такім чынам 24 гады таму, і ён усё яшчэ ў форме. Гэтым спосабам можна нарыхтоўваць і расліны, і лісце. Прычым можна дадаваць харчовыя фарбавальнікі і падкрэсліваць ці змяняць колер.

Гліцэрын набываем у аптэцы. Потым у пластыкавую ці шкляную скрынку наліваем 1 частку гліцэрыну і 2 часткі вады. Бяром ліст і пагружаем яго цалкам у раствор. Такім чынам можна адразу пакласці 10-30 лістоў і зверху іх прыціснуць грузікамі ці каменьчыкамі, каб яны поўнасцю былі ў вадкасці. Праз 2-3 тыдні можна даставаць лісце. Калі не дадаваць фарбавальнікі, то яно ўжо будзе натуральнага карычневага колеру.

Для гэтага спосабу лепей браць бліскучае, мясістае лісце. Напрыклад, у бярозы бліскучая паверхня, але сам ліст тонкі, таму яна не падыдзе. Яна не будзе прыгожа выглядаць пасля гэтага працэсу. Лепш узяць, напрыклад, грушу ці клён.

Можна эксперыментаваць з лісцем дэкаратыўных раслін на лецішчы. Кветкі такім чынам нарыхтоўваць не вельмі зручна: гліцэрын тлусты, і тонкія пялёсткі будуць зліпацца, калі іх даставаць.

 

Чацвёрты спосаб – нічога не рабіць

Ёсць проста такія расліны – сухацветы, яны самі па сабе сухія. Іх адразу можна ставіць у вазу – і гатова. Напрыклад, бяссмертнік, фізаліс, калі ён ужо адцвітае. Можна збіраць гартэнзію пад канец цвіцення, пад восень. Яна прыгожа выглядае ў зімовых букетах. Яшчэ – стаціца, геліптэрум, сінегаловік, а таксама шышкі, каштаны – усё гэта добра падсыхае і захоўваецца ў хаце.

 

Пяты спосаб – у кніжках

Ён самы папулярны. Такім чынам можна засушваць і лісцікі, і кветачкі. Калі яны вялікія, можна разабраць на часткі і потым з іх зрабіць узор. Напрыклад, напаляваць фон, дадаць раслін – і атрымаецца паштоўка ў падарунак. Каб было зручна, Юлія Антух захоўвае нарыхтаваныя кветкі ў скрынках па колерах, каб адразу мець патрэбную гаму для дэкору. Напрыклад, у жоўтай скрыні ляжаць кураслеп, аксаміткі (асобнымі пялёсткамі), рамонкі. У чырвона-карычневай – восеньскае лісце, цюльпаны, дзікі вінаград, гваздзіка Шабо пялёсткамі.

Але Юлія Антух раіць, каб захаваць якасць кніжак, сушыць не ў іх, а ў газетах. Для гэтага трэба 20-30 газетных аркушаў скласці гармонікам адзін на адзін. Пасля зверху і знізу пакласці кардонку па памеру і перацягнуць ўсё дзвюма гумкамі. Атрымаецца такая самаробная кніжка з усімі матэрыяламі.

Кветачку на засушку трэба класці ўніз галавою, прыціснуць і прасачыць, каб яна расправіла ўсе пялёсткі.  Такім чынам можна сушыць незабудкі, браткі, пялёсткі цюльпанаў, лісце чысціка.

З усіх нарыхтаваных кветак можна рабіць калажы, нават фігурныя, дадаваць як матэрыялы ў вялікія кампазіцыі. Усё, што зроблены з жывых кветак, можна стварыць і з сухіх. На паштоўкі іх прыляпляюць клеем ПВА і клеем-момантам, у залежнасці ад памеру кветкі, але трэба прынаравіцца, каб месцы прыклейкі не былі бачны.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 03.06.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.