Шлях

Як размаўляць з дзіцём пра клімат і альтэрнатыўную энергетыку: экастудыя ў Гродне

У канцы верасня ў Гродне распачнецца адукацыйны курс “Дзіцячая экалагічная студыя”, першым мерапрыемствам якога стане акцыя “Кардонны Гродна”. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з аўтаркай праекта Рымай Ушкевіч. “Унікальнасць нашай студыі ў тым, што мы будзем працаваць з насамрэч актуальнымі праблемамі,” – сцвярджае Рыма.

16.09.2015 Экалогія горада Аўтар: Інга Сакута Фота: сацыяльныя сеткі

- Як узнікла ідэя “Кардонны Гродна”?

Кардонны горад задумваўся мною даўно, і я радая, што нарэшце выпала магчымасць гэтую ідэю ажыццявіць. Кардон – танны і адносна трывалы матэрыял, з якога можна шмат чаго рабіць: будаваць вежы і лабірынты, рабіць рыцарскія даспехі, цэлы тэатр можна зрабіць з кардону. Да таго ж гэта цудоўная і экалагічная альтэрнатыва танным пластыкавым цацкам, таму што спрыяе творчасці, якой не бывае зашмат.

- Як будзе праходзіць само мерапрыемства? Ці прадугледжваецца нейкі адукацыйны, а не толькі забаўляльны аспект?

Хутчэй гэта будзе творчы інтэрактыўны праект. Мэта менавіта гэтага мерапрыемства не столькі ў адукацыі ў традыцыйным сэнсе слова, колькі ў тым, каб паказаць спосабы ўзаемадзеяння з асяроддзем, з рознымі матэрыяламі, з людзьмі, даць магчымасць удзельнікам папрацаваць у камандзе, каб яны вучыліся дамаўляцца з іншымі, аналізаваць свае дзеянні, каб паспрабавалі адчуць сябе часткай агульнай гарадской прасторы – не такія ўжо і простыя задачы мы паставілі перад маленькім чалавекам. Разам з тым я не бачу нічога кепскага і ў забаве. Дзецям увогуле карысна забаўляцца, ім гэта неабходна, бо праз гульню яны вучацца і выхоўваюцца. Іншая справа, якая гэта гульня і што яна развівае. Каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве, прыйдуць і двухгадовыя, і дзесяцігадовыя дзеці. Нават дарослыя дзеці, якім па трыццаць гадочкаў, хочуць прыйсці, памаляваць, пабудаваць.

В Беларуси разработаны два спецкурса для студентов и специалистов по вопросам изменения климата и безопасности

- Ведаю, што вы адкрываеце дзіцячую экастудыю. Для каго яна? Чым там дзеці будуць займацца?

Дзіцячая экалагічная студыя будзе працаваць для дзяцей ад пяці да дзесяці гадоў і іх бацькоў. Бацькі - вельмі важная аўдыторыя, паколькі яны будуць актыўнымі слухачамі і памагатымі ў выкананні розных заданняў. Сёння бацькам складана знайсці час, каб пабавіцца з дзіцём, асабліва калі яно падрастае, і падаецца, што яно можа ўжо як-небудзь заняць сябе само. Хочацца, каб роля бацькоў не зводзілася толькі да кантралявання хатніх заданняў па матэматыцы, а каб яны больш актыўна праводзілі час з дзецьмі. На саміх занятках мы будзем вывучаць навакольнае асяроддзе і тое, як разнастайная чалавечая дзейнасць уплывае на яго стан. Таксама мы будзем пераглядаць свае паўсядзённыя звычкі, вучыцца правільна выбіраць прадукты ў крамах, цацкі. У форме гульні і эксперыментаў мы вучымся рабіць свядомы выбар, быць больш адказнымі і разумець наступствы сваіх дзеянняў і іх уплыў на асяроддзе. Абавязковая творчая частка – гэта маляванне, лепка, майстраванне прадметаў са спадручных сродкаў. Курс цалкам нефармальны, яго распрацоўваюць і вядуць экалагічныя актывісты, мастакі, якія працуюць з дзецьмі. У нас плануюцца прэзентацыі, дыскусіі, вопыты, экскурсіі, актыўныя лекцыі з цікавымі гасцямі, дзейнасць якіх тым ці іншым бокам звязаная з экалогіяй. Пры гэтым курс некамерцыйны.

- Чым дзіцячая экастудыя будзе адрознівацца ад гурткоў такога кірунку, якія ўжо існуюць у Гродне?

Унікальнасць нашай студыі ў тым, што мы будзем працаваць з насамрэч актуальнымі праблемамі. Кожны з нас ходзіць у краму штодзень, выкідае смецце, дыхае паветрам, п’е ваду, ездзіць на транспарце. Заняткі ў студыі дадуць дзецям і бацькам уяўленне пра сучасны стан рэчаў і пакажа, як можна жыць больш экалагічна і творча, таму што ўжо амаль ніхто не задаецца пытаннем “навошта”, а ўсё часцей “як”. Дык вось наш курс будзе пра гэта.

- Якая працягласць курса? Якім чынам будзеце шукаць навучэнцаў экастудыі?

Экастудыя пачне работу 26 верасня. Кожны раз мы будзем браць новую тэму: напрыклад, будзем размаўляць пра клімат, наступным разам – пра альтэрнатыўную энергетыку, праз тыдзень – пра адкіды і іх пераапрацоўку. У нас няма абавязковага плана па колькасці заняткаў, таму далучыцца да курса можна калі заўгодна. Аднак мы маем абмежаванасць па колькасці ўдзельнікаў: да дваццаці чалавек на адным занятку. Гэта тлумачыцца неабходнасцю ў дапаможных матэрыялах, мажлівасцямі памяшкання - яно невялікае, і нашымі ўласнымі мажлівасцямі як вядучых. Мы дакладна будзем працаваць да снежня ў рэжыме штотыднёвых бясплатных сустрэч, затым давядзецца думаць пра ўстойлівасць. Але я спадзяюся, што інтарэс да нашага праекта будзе, а гэта і ёсць гарантыя нашага існавання. Зараз мы актыўна даем абвесткі ў сацыяльных сетках (Вконтакте), дамаўляемся са школамі і бібліятэкамі, бо менавіта туды ходзяць дзеткі нашага ўзросту.

- На тваю думку, як можна выхоўваць дзіця ў экалагічным кірунку, з якога ўзросту і ці патрэбна гэта ўвогуле?

Я думаю, што пачынаць трэба з сябе. Немагчыма вучыць таму, чаго не прытрымліваешся сам. Першыя гады жыцця бацькі для дзіцяці самы добры прыклад. Мне падабаецца ідэя адукацыі праз усё жыццё. Гэтая сучасная тэндэнцыя распаўсюдзілася і ў нас у выглядзе разнастайных адукацыйных курсаў для дарослых людзей: “Універсітэт залатога веку”, “Мова Нанова” і другія праекты. Ніколі не позна пачаць вучыцца, галоўнае – матывацыя, смеласць, рашучасць. Пачаць можна хаця б са свайго дома, з кухні, дзе мы праводзім столькі часу. Наладзіць паасобны збор адкідаў, разам з дзіцём складаць спіс пакупак перад паходам у краму, абмяркоўваць разам, ці сапраўды неабходна купіць тую ці іншую рэч і чаму, браць з сабою баваўняную торбу замест пластыкавага пакета, прыдумваць новыя гульні са старымі цацкамі замест пакупкі новых. Гэта патрабуе трошкі больш часу і намаганняў, але добры вынік вы заўважыце абавязкова.

Увогуле, сёння набірае моц вельмі цікавая з’ява - “адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Яе мэта - даць людзям любога ўзросту магчымасць паўплываць на якасць жыцця і пабудаваць стабільную будучыню. Такая адукацыя часта носіць нефармальны характар і праводзіцца ў выглядзе курсаў, семінараў, майстар-класаў. То бок гэта не школьная і не ўніверсітэцкая праграма. Яна прапаноўвае зусім новыя падыходы і метады, якія робяць навучанне цесна звязаным з рэальным жыццём, развіваюць навыкі мыслення, стасункаў і выбару.

Тэрмін “устойлівае развіццё” існуе даволі даўно, з 1992 года, але папулярным стаў пазней, калі маштаб забруджвання, канфлікты з-за рэсурсаў, а з-за гэтага і сацыяльная няроўнасць, праблемы з працоўнымі месцамі, тэрарызм сталі настолькі відавочнымі, што немагчыма ігнараваць. Устойлівае развіццё – гэта такое сбалансаванае, самападтрымліваючае развіццё, якое паляпшае ўмовы жыцця і пры гэтым не знішчае асяродзе.

Да нас толькі зараз даходзяць ідэі аб неабходнасці клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, а таксама патрэба ў пастаянным пашырэнні сваіх ведаў. Пры гэтым, што датычыцца менавіта экалагічнага кампанента, ёсць пэўны элемент іміджавасці ў стылі “эка”. Думаю, гэта неблага, бо менавіта ў гэтым выпадку мэта апраўдвае сродкі. Я веру ў чалавека, у яго цудоўную здольнасць самаўдасканальвацца і вучыца праз усё жыццё. Добрыя ідэі даходзяць рознымі шляхамі – няхай і праз іміджавасць.

Даведка: Дзіцячая экалагічная студыя – сумесны праект арганізацыі “ВелаГродна” і мінскай некамерцыйнай установы “Цэнтр экалагічных рашэнняў” пры падтрымцы таварыства “Зялёная сетка”.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 16.09.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.