Сажайте деревья, а не журналистов

Каштан Элізы Ажэшкі у Гродне можа не перажыць наступнай зімы

Каштан, якому зараз прыкладна 150 год, знаходзіцца зусім побач з домам-музеем Ажэшкі. Калі дом-музей мае статус гістарычнай каштоўнасці, хоць па факце з’яўляецца толькі копіяй сапраўднага дома Ажэшкі, зробленай за савецкім часам, каштан ніякага статусу не мае і фактычна балансуе на мяжы жыцця і смерці.

28.03.2016 Экалогія горада Аўтар: Алесь Кіркевіч Фота: Васіль Малчанаў

Гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха ўжо не першы раз б’е трывогу. Упершыню ён звяртаў увагу ўладаў і грамадскасці на праблему яшчэ ў далёкім 2008-м годзе, калі ішла рэканструкцыя горада, а каштан аказаўся шчыльна абкладзены бетоннай пліткай:

Паводле правілаў, падчас рэканструкцыі камель дрэва меў быць абвязаны піламатэрыяламі, каб кару не пашкодзілі, — тлумачыць Лапеха, але гэтага зроблена не было. Зялёнае кола вакол дрэва мела быць дыяметрам як мінімум у палову кроны, бо крона паўтарае карнявую сістэму. Зрабілі, зразумела, нашмат вузей…

Зараз, па словах Ігара Лапехі, дрэва наўпрост засыхае. Каштан заражаны грыбком ды знаходзіцца ў эпіцэнтры актыўнасці мініруючай молі, аднаго з галоўных ворагаў каштанаў. У гэтым годзе каштан яшчэ зацвіце, але скіне лістоту ўжо ў сярэдзіне жніўня. Перажыць чарговую зіму ў дрэва, найхутчэй, ужо не хопіць сілаў.

Гэты каштан у значна горшым стане за рэшту гарадзенскіх каштанаў, працягвае Лапеха, напрыклад, на вуліцы Брыкеля, якая ўся засаджаная каштанамі, стан дрэваў лепшы: мініруючая моль туды толькі пачынае пранікаць, зялёная зона вакол дрэваў куды большая. Тут жа, у дадатак да саліднага ўзросту дрэва наўпрост заціснута пліткай ды штодня «абкурваецца» выхлапнымі газамі аўтамабіляў.

Разам з тым, краязнаўца адзначае, што ўратаваць дрэва яшчэ можна, прычым даволі бюджэтнымі сродкамі. Лапеха прапаноўвае наступныя меры:

  • падкарміць дрэва
  • зрабіць тэрапію супраць грыбка
  • апрыскаць ад мініруючай молі
  • лагодна амаладзіць крону
  • пашырыць зялёную зону побач з каштанам (пашырэнне, зрэшты, не закране пешаходную дарожку, а наўпрост злучыць дзве клумбы побач).

Нужно ли омолаживать деревья в городе до голого ствола?

Гародня, да слова, ужо паспела страціць некалькі ўнікальных каштанаў: у 2010 годзе на тэрыторыі былой сядзібы Аўгустова (зараз вуліца Рэпіна) былі спілаваныя два 200-гадовыя (!) каштаны са сфармаванай кронай, што сведчыць аб тым, што іх стрыглі з маленства – фактычна з часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай, чыя рэзідэнцыя тут знаходзілася.

Напрыканцы Лапеха іранічна дадае, што меры па ратаванні легендарнага каштана пісьменніцы аказаліся б куды таннейшымі за праект помніка ясеню ў парку Жылібера, аб якім зараз пішуць СМІ.

 


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.03.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.